– Памятаю, мой працоўны дзень задоўга да планёркі пачынаўся то на палях, то на фермах. Час папрацаваць з паперамі знаходзіла, калі з поля з’язджаў апошні трактар, а фермы завяршалі вячэрнюю дойку, – успамінае Вольга Іванаўна. – І хоць цяпер на кожным вытворчым участку ёсць спецыяліст, які асабіста ўсё кантралюе і якому я давяраю, тым не менш стараюся заўсёды трымаць руку на пульсе. Упэўнена: кіраўнік павінен быць усюды, ведаць «ад» і «да», што адбываецца штодзень у гаспадарцы. Таму ў рабочым кабінеце не сяджу, за рулём аўтамабіля за дзень праязджаю да 200 кіламетраў.
Работа на зямлі – не гераізм, але нешта блізкае
– «Сама працавала ад світання да змяркання і работнікам спуску не давала, пастаянна паўтарала, што толькі стараннасцю можна дасягнуць жадаемага выніку», – пра гэта і цяпер успамінаюць тыя, з кім Вы пачыналі свой працоўны шлях у СВК «Солы». А ў сваім першым інтэрв’ю, якое Вы далі газеце «Светлы шлях», калі ўзначалілі гаспадарку, наогул заявілі, што спаць не любіце. Мяне гэта ўразіла! Нават такі момант яскрава сведчыць пра Вашу выключнасць. Раскажыце, калі ласка, а што ўспамінаеце з таго часу, калі пачалі кіраваць СВК?
– Прызнацца, на першым часе рукі апускаліся. Трактары, якім мінімум па два дзясяткі гадоў, ламаліся літаральна праз дзве гадзіны працы ў полі. Не было камбайнаў, на ўсю гаспадарку – адзін пагрузчык. Амаль усе кароўнікі драўляныя, старыя. Неяк на адным з іх абвалілася столь… Добра, што ніхто не пацярпеў. А грошай ледзь хапала выплаціць заробак. Безумоўна, людзям я не абяцала залатых гор, а кожны дзень гаварыла, што без працы нічога не атрымаецца.
Спатрэбіліся тры гады, каб толькі падцягнуць паказчыкі і ўбачыць найбліжэйшыя перспектывы. Але далей справы пайшлі не па плане: да СВК «Солы» далучылі адсталую гаспадарку – СВК «Кушляны». Плошча ворных зямель павялічылася з 1770 да 5 тысяч гектараў. Дадалося і эканамічных клопатаў: неабходна было разлічвацца з атрыманымі ў спадчыну даўгамі. Тады мы думалі не пра перспектывы, а пра тое, як забяспечыць штодзённы працэс, як тут і цяпер спрацаваць з максімальнай эфектыўнасцю, не ўпусціць ні хвіліны часу і атрымаць найбольшую аддачу. Гэта быў самы цяжкі год, трэба было не толькі паспяваць у полі, але і неяк мяняць адносіны новага калектыву да работы. Нашы людзі паверылі ўжо ў мяне, убачылі, што ёсць вынік, і прывыклі працаваць сумленна.
Цяжкі пераломны год перажылі, «прыраслі» да новых палёў, прывыклі да людзей і навучылі іх думаць па-новаму, ставіцца па-гаспадарску да сваёй справы. І гэта таксама дало добры плён.
Зразумела, без сучаснай тэхнікі, перадавых тэхналогій дабіцца жаданага выніку было немагчыма, таму сталі абнаўляць машынна-трактарны парк, рамантаваць старыя фермы, будаваць новыя.
– Прызнацца, мяне прымусіла задумацца Ваша меркаванне наконт таго, што рабіць работу трэба сёння, а яшчэ лепш – учора, і так, як патрабуе тэхналогія.
– У гэтым і заключаецца сакрэт нашага поспеху! Што гаварыць, работа на зямлі – цяжкая. Не гераізм, безумоўна, але нешта блізкае да гэтага паняцця. У чалавека, які працуе на зямлі, пачуццё адказнасці больш развітае. Адказнасці і трывогі, бо многае залежыць ад цябе самога і тваёй стараннасці.