Ці святкаваць свой першы перавал?
Якое ззянне кветкавай даліны!
На жаль, свабоднай ні адной хвіліны.
Раскоша легкадумная — прывал.
He лёс яшчэ — шматлікія цагліны.
Быў сонечнай размінкаю урок,
гайдалі сэрца калыханкі-кніжкі.
Жаданая цяпер не перадышка —
у новы дзень спружыністы рывок,
дзе зорны дождж і помслівыя шышкі.
Гарыць юнацтва меданосны сад,
дзе так бунтоўна спее паўналецце,
кіпіць між лісця захмялелы вецер.
Hi кропелькі не верыцца, што град
дзіцячых мрояў пасячэ суквецце.
У вузел пругкі волю завязаць,
спаліць былую маску шалапута,
напружыцца і развярнуцца крута
і хоць бы сабе прыступам узяць
у рэшце рэшт пагорак інстытута.
Своечасова стрэціць у жыцці
чыю-небудзь спагаду ці апеку —
за ўдачай мройнай гнацца, як па трэку.
Ці ўдасца толькі з поспехам прайсці
па конкурсу на званне чалавека?
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/vypusknyya-ekzameny
Дзе просьбаю, дзе ледзь не з плачам,
з надзеяй выйшаўшы з варот,
чатыры цяжкія задачы
яна рашае кожны год.
Вясна ідзе — у нашай цёткі
турбота першая нудзіць:
ну як жа, як жа гэта соткі
ў далёкім полі пасадзіць?
А пройдзе месяц-два — і зноўку
даймае клопат без канца:
як быць — ці ўдасца на кароўку
прыдбаць і сёлета сянца?
А восень выгляне з бярозы,
трывога сядзе на шчаку:
як выбраць бульбу да марозу,
дзе ўзяць на гэта талаку?
Яшчэ пытанне не пустое
плыве па восеньскай смузе:
а хто мне з лесу сухастоін
вазоў хоць пару прывязе?
Тут ёсць удачы і няўдачы —
усяк бывае на душы.
Чатыры цяжкія задачы,
хоць і няма ўжо сіл — рашы!
Ды ёсць цярпенне і карпенне,
жыццё — з будзільнікам зары.
I ходзяць старасць з утрапеннем,
нібы ў абдымку, па двары.
Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/dze-prosbayu-dze-ledz-ne-z-placham